31.III - 30.IV.2001
галерэя візуальных мастацтваў NOVA, МінскПавел Жак - "Аповесці"
інская галерэя візуальных мастацтваў NOVA ўжо пяты сезон свядома і мэтанакіравана працуе з фатаграфіяй, бо менавіта мастацтва святлапісу складае аснову сучаснай візуальнай культуры. Як мастацкі кіраўнік галерэі, я вельмі рады, што акрамя творчых пошукаў беларускіх фатографаў, у нас час ад часу з'яўляецца магчымасць паказваць шматлікім прыхільнікам фотамастацтва ўзоры фатаграфічнага мыслення нашых блізкіх і далёкіх суседзяў па еўрапейскім доме. Як правіла, знаёмства з іншаземнай фатаграфіяй адбываецца пры дапамозе замежных культурных інстытуцый, што працуюць у Мінску. І Польскі інстытут, з якім нас злучаюць даўнія сяброўскія сувязі, адзін з нашых галоўных партнёраў. Менавіта дзякуючы ягонай падтрымцы галерэя NOVA рэалізавала некалькі адметных для беларускай арт-сцэны фотапраектаў. Нагадаю пра некаторыя з іх.
Напэўна, многія з вас памятаюць выставу "Віленская элегія" (1999), якую склалі знойдзеныя ў сховішчы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі арыгіналы работ легендарнага фатографа Яна Булгака (1876 - 1950). У межах гэтага праекта таксама ўпершыню было перакладзена з польскай мовы на беларускую фотаэсэ Яна Булгака "Вандроўкі фатографа. Віленскі краявід" і створана вэб-галерэя знакамітага фатографа ў Інтэрнеце ( http://www.bulhak.nsys.by ).
Фотавыстава "Блізка і далёка" Войцеха Пражмоўскага і Марыюша Хэрмановіча ладзілася на пляцоўцы Музея сучаснага мастацтва (1999) і сталася для многіх аматараў мастацтва сапраўдным адкрыццём сучаснай польскай творчай фатаграфіі з яе новымі апавядальнымі магчымасцямі і нетрадыцыйнымі візуальнымі вырашэннямі.
Новая выстава, якую, без сумнення, чакае такі ж глядацкі поспех, як і дзве папярэднія, знаёміць нас з вельмі паэтычнай па форме і зместу фатаграфіяй Паўла Жака. Выразныя сродкі "Аповесцей" Паўла Жака, аўтарскі акцэнт на рукатворнасці фатаграфічнай выявы вельмі блізкія і зразумелыя сучаснаму беларускаму прыхільніку фотамастацтва.
Куратарам "Аповесцей", як і куратарам выставы "Блізка і далёка", з'яўляецца Марэк Грыгель - нястомны кіраўнік вядомай варшаўскай фотагалерэі "Mala Galeria". Без ягонай энергіі і шчырага жадання наблізіць сучасную польскую фатаграфію да беларускага глядача наўрад ці што атрымалася.
Будзем спадзявацца, што плённае супрацоўніцтва паміж польскай і беларускай фатаграфіяй на гэтым не спыніцца і набудзе новыя абрысы і накірункі. Безумоўна, паміж нашымі дзяржавамі існуюць межы, але для мастацтва гэта не перашкода. Асабліва для метафізічнага мастацтва пісьма святлом...
Уладзімір Парфянок
мастацкі кіраўнік галерэі NOVA
Таямніцы простых аповесцяў
ельмі праўдападобна, што фатаграфіі Паўла Жака маглі б паўстаць па-за часам, бо ўжо з самога пачатку яны бяруць пад сумніў неад'емную функцыю фатаграфіі -- запіс часу.
Гледзячы на гэтыя фатаграфіі, не разумеешь, калі яны былі зроблены, праўда, колер сепіі скіроўвае нашыя ўражанні ў мінулы час. Але гэта можа быць і пэўнай хітрасцю аўтара, спробай збіць гледача з той сцежкі, якая магла б прывесці да нейкага зыходнага пункта. Сапраўды, Паўла не цікавіць характэрная для фатаграфіі фіксацыя важных або не вельмі важных момантаў нашага жыцця. Павел Жак стварае свой уласны свет, перанесены ў фатаграфію з дапамогай некалькіх элементаў. У гэтым свеце чыстай піктарыяльнай паэзіі няма месца ні камп'ютэрам, ні складаным фотакамерам -- ніякаму тэхналагічнаму буму.
Некаторыя фотаздымкі пазначаны асаблівай стрыманасцю, вытанчанасцю і нагадваюць сабой унікальныя графічныя адбіткі. На гэтых фатаграфіях-карцінах выяўлены -- і часам так рэалістычна, што з тяжкасцю распазнаюцца -- плады (кавалак яблыка, груша) у спалучэнні з камянямі, пяском, кавалкамі дрэва. Гэтыя незвычайныя з выгляду статычныя кампазіцыі ствараюць сабой сцэны надзвычай тонкай напружанасці. Тут знікласць жывога кантрастуе з непарушнасцю адвечнага.
Асобныя сцэны наводзяць на думку пра пясочны гадзіннік, дзе пяшчынкі, што падаюць уніз, асветлены затуманеным сонцам, якое адыходзіць у небыццё. Ёсць у гэтых работах нейкая містыка пустэльніцтва і таямнічасці.
Іншая група здымкаў -- гэта свет штучных дзіцячых цацак. Пластыкавыя конікі, плюшавыя мішкі, каўчукавыя лялькі, свінкі злучаюцца аўтарам у дзіўныя таямнічыя канфігурацыі, часам нават у піраміды -- адзін з самых улюбёных матываў сучаснага мастацтва. На некаторых фатаграфіях гэтыя цацкі робяцца асноўным элементам усёй кампазіцыі, падкрэсліваючы пры гэтым свой індывідуальны характар. Адпаведна асветленыя ў параўнанні з іншымі прадметамі яны індывідуалізуюцца і пазбягаюць неабдумнай уніфікацыі. У іншых сітуацыях мы, напэўна, не заўважылі б іх увогуле.
Свет "археалагічных" здымкаў Паўла Жака выклікае ў нас асацыяцыі са светам дзяцінства, але ў той жа час захоўвае ў сабе пэўныя таямніцы, якія мы, верагодна, ніколі не здолеем разгадаць -- нават у нашым дарослым жыцці.
Марэк Грыгель
Пераклад з польскай мовы Уладзіміра Парфянка
ПАВЕЛ ЖАК
Нар. 1962
Вучыўся ў Інстытуце сацыяльных праблем Варшаўскага універсітэта ў 1986 – 93 гг. Скончыў Вышэйшую школу фатаграфіі ў 1993 г. Сябра Саюза польскіх фотамастакоў.
Выбраныя індывідуальныя выставы:
"Дом і сад", галерэя імя Антонія Жонсы, Закапанэ, 1994
"Аповесці", галерэя "Mala (ZPAF-CSW)", Варшава, 1998
"Аповесці", галерэя "Image", Орхус, Данія, 1999
"Аповесці", галерэя "PF", Познань, 2000
"Аповесці і іншыя фатаграфіі", галерэя "FF", Лодзь, 2000
"Фатаграфіі", галерея "De Balie", Амстэрдам, Галандыя, 2000
"Аповесці і іншыя фатаграфіі", галерэя "WM", Амстэрдам, Галандыя, 2000
Выбраныя групавыя выставы:
"Фатаграфічныя канфрантацыі", Гожуў Велькапольскі, 1991
"Дыплом-93", галерэя "Stara (ZPAF)", Варшава, 1993
"Польская фатаграфія", Польскі інстытут у Рыме, 1995
"Фатаграфічныя канфрантацыі", Гожуў Велькапольскі, 1996 (I узнагарода)
"Па-за рэкламай", галерэя "Stara (ZPAF)", Варшава, 1997
"Фатаграфія-97", фонд Turleja, Палац мастацтва, Кракаў, 1997
"Адкрытыя майстэрні", Варшава, 1997
"Па-за рэкламай", галерэя "Stara (ZPAF)", Варшава, 1998
"Images’98", конкурс еўрапейскай фатаграфіі, Вевей, Швейцарыя, 1998 (узнагарода: "Prix Broncolor de la lumiere")
"Па другі бок" (разам з К.Кірыцісам і М.Вячорэк), Музей фатаграфіі, Шаўлі, Летува, 1999
"Vztahy (Суадносіны). Сучасная польская фатаграфія", Дом фатаграфіі, Попрад, Славакія, 1999
"Together Again? (Зноў разам?)", галерэя "Image", Орхус, Данія, 1999
"Eystra sylt", цэнтр "Replica Art", Стакгольм, Швецыя, 1999
"Адкрытыя майстэрні", Варшава, 1999
"Выспы ўяўнага", галерэя "Arsenał", Познань, 1999 - 2000
Біенале фатаграфіі, галерэя "Arsenał", Познань, 2000
"Preniky (Пранікненне)", Месяц фатаграфіі ў Братыславе, Славакія, 2000
back to FOTOTAPETA's front page
Copyright © 1997-2024 Marek Grygiel / Copyright for www edition © 1997-2024 Zeta-Media Inc.
11 - 04 - 2001