Музей сучаснага выяўленчага мастацтва
Мінск, Беларусь
4.05.1999 17.00

-----------------------------------------------------

 

Марыюш Хэрмановіч, Войцех Пражмоўскі -
"Блізка і далёка"

wersja polska tutaj

 

   
   
М. Хэрмановіч, цыкл "Задарожжа"    

 

Нэлі Бекус

Пражмоўскі і Хэрмановіч: філасофія погляду

Работы Войцеха Пражмоўскага і Марыюша Хэрмановіча - гэта своеасаблівыя ідэйныя канструкцыі, у аснове якіх ляжыць "час".

Пражмоўскі ў фатаграфіях, фотааб'ектах, інсталяцыях звяртаецца да мінулага. Старыя фотаздымкі, класічныя (напрыклад, антычныя) фігуры ён выкарыстоўвае дзеля таго, каб паказаць насычанасць і нават перагружанасць гісторыі. Яна быццам "выходзіць з берагоў" і сваёй назапашанай "масай" вобразаў, формаў, ідэй паступова засланяе ад нас цяперашняе, не пакідаючы яму шансаў на непаўторнасць і арыгінальнасць. І хоць у такіх варунках жыве кожны з нас, Пражмоўскі - у выніку сваёй асаблівай чуллівасці да часу - перажывае гэтую напружанасць суадносінаў паміж мінулым і цяперашнім у культуры і прапаноўвае сваё выйсце. Ён стварае сінтэз мінулага з сучасным: нашае "сёння" робіцца прызмай, праз якую мы глядзім у гісторыю або, магчыма, персанажы гісторыі глядзяць на нас. Кожная фатаграфія Пражмоўскага - гэта спыненне асобных момантаў, у якіх фіксуецца не абстрактнае і расплывістае, а канкрэтнае і бачнае ўзаемадзеянне мінулага з сённяшнім днём, і яно мае сваю форму, вобраз і нават статус у мастацтве. Гэта не проста "ўпакоўванне" старога зместу ў новыя вонкавыя формы, а поўная трансвізуалізацыя фатаграфічнага вопыту, старых "культурных формаў" жывапісу, скульптуры, фатаграфіі, рэальнага жыцця. Яны больш немагчымыя ў сваім аўтэнтычным абліччы, бо здзейсніліся ў іншыя часы, і таму неабходна паклапаціцца пра спосабы іхняй прысутнасці ў цяперашнім. Фатаграфіі Пражмоўскага - гэта візуальная алегорыя памяці. Яны выносяць на бачную паверхню тое, што замаскіравана часам і прыродай чалавечага забыцця. Паводле сваіх унутраных характарыстык творчасць Пражмоўскага адлюстроўвае пэўную форму адказнасці сучаснасці (сучасніка) за тое, якім чынам у яе (ягоным) вопыце - мастацкім, культурным, экзістэнцыяльным - будзе прадстаўлена гісторыя, мінулае.

Пытанні аб часе, пытанні да часу, пытанні з пэўнага моманту часу да іншага ўздымаюцца і актыўна распрацоўваюцца і Пражмоўскім, і Хэрмановічам. Толькі аб'ектыў Пражмоўскага накіраваны на гісторыю як такую, і час у ягонай творчасці - феномен культуры, тады як у творчасці Хэрмановіча час - гэта, галоўным чынам, факт асабістага існавання, і апавядае ён пра мноства "мікрагісторый". У кожнай з гэтых гісторый свая інтрыга, свая логіка, свая прывязка да часу. Фатаграфія ў Хэрмановіча не столькі інструмент, колькі сведчанне рэальнасці. Фатограф выступае разам з ім у маўклівым слуханні (бачанні) свету. У непадзельнай цэласнасці ўсяго існуючага і ў тым ліку - чалавечага жыцця, Хэрмановіч бачыць сам і дае нам магчымасць бачыць падчас вельмі дзіўныя, нечаканыя часавыя сувязі. Яны то злучаюць дзве розныя фотаздымкі ў адну гісторыю, то "ўбудоўваюць" фатаграфію ў апавяданне з каментарыем. Штораз паўстае асобная, асаблівая гісторыя, мікраапавяданне, дзе наша задача - зразумець, у чым сэнс менавіта такога ўкладу жыцця, менавіта такога бегу часу і такога яго выніку. Быццам бы выпадкова выбіраючы такія гісторыі, Хэрмановіч падводзіць да думкі аб невыпадковасці таго, што адбываецца ў свеце, у гісторыі, у жыцці. Зусім не выпадковы момант, калі мазаіка рэальнасці склалася ў менавіта такую карцінку, калі цяперашняе рэальнасці стала на шляху ў фотамастацтва, калі фотакамера апынулася ў руках фатографа і, нарэшце, калі мы з вамі апынуліся перад фатаграфіяй на выставе.

Гісторыя - ці то культурная гісторыя, ці то гісторыя жыцця чалавечага - існуе ў часе. Мноства нябачных часавых сувязяў рэальнага свету праяўляецца на фотапаперы і прад'яўляецца нам, дазваляючы на імгненне зазірнуць за тую мяжу, якая падзяляе бачнае і нябачнае. Такім чынам, час - спрадвеку нематэрыяльная субстанцыя - нечакана набывае здольнасць адчувацца намі, успрымацца дотыкам, поглядам у творах, што экспануюцца на выставе "Блізка і далёка".

Пераклад з рускай мовы У.Парфянка

 

Войцех Пражмоўскі - цыкл "Візіт у музей", 1995-1996.

 

Марэк Грыгель

Блізка і далёка

Падобныя матывы і натхняльныя ідэі можна знайсці ў фатаграфічнай творчасці многіх аўтараў.

Войцех Пражмоўскі і Марыюш Хэрмановіч хоць і жывуць сотні кіламетраў адзін ад аднога, але ствараюць работы, якія маюць паміж сабою спецыфічныя сувязі. Абодвух мастакоў цікавіць мінулае, што можа падацца цалкам натуральным менавіта ў выпадку фатаграфіі, аднак мінулае на здымках абодвух аўтараў выяўляецца дваяка.

У Пражмоўскага яно выступае як вынік пошукаў старых фатаграфій і наступнага выкарыстання іх з дапамогай калажнай тэхнікі ў абсалютна новых творах. Хэрмановіч жа выяўляе настрой мінучасці праз адпаведна падабраныя подпісы, кароткія каментарыі пад здымкамі, на якіх дэманструюцца некалі цалкам сучасныя фрагменты рэчаіснасці. Такім чынам, зварот да мінулага і чарговая паўторная інтэрпрэтацыя яго з'яўляюцца чымсьці кшталту адведзін закуткоў нашае памяці. Абодва аўтары звяртаюцца пры гэтым да сімвалічных мясцін дзяцінства.

Марыюш Хэрмановіч у сваім цыкле "10 год" наведваецца ў горад, дзе прайшлі ягоныя школьныя гады. Ён вядзе нас вядомымі яму вулкамі, скверамі, паркамі, не пакрытымі пацінай часу. Выглядаюць яны абсалютна такімі ж , як і калісьці - і толькі адмысловая манера фіксацыі і адпаведны каментарый, зроблены рукой аўтара, пераносяць іх у краіну, якая няўмольна аддаляецца ў мінулае.

У серыі "Цяжка, аднак, сцерці ўсе сляды" ён фатаграфуе простыя рэчы, якія ўжо страцілі свае ўжытковыя функцыі. На гэтых здымках яны пераўтвараюцца ў сімвалічныя сляды існавання чалавека. Занесеныя пяском, зарослыя травой, рэчы безнадзейна змагаюцца за тое, каб захавацца ў нашай памяці.

Самы новы цыкл "Задарожжа" паўстаў у выніку леташняга падарожжа па Беларусі. Хэрмановіч ідзе па слядах гісторыі. Ён адшуквае старыя дакументы васемнаццатага стагоддзя, у якіх зафіксаваны падзеі жыцця ягоных продкаў, і ў форме меланхалічнай рэфлексіі сутыкае гэтыя сведчанні з тапаграфіяй сучаснасці.

Войцех Пражмоўскі ў серыі "Візіт у музей" дэманструе бюсты знакамітых асобаў і вучоных, але вырваных са свайго музейнага атачэння і выстаўленых у цалкам сюррэалістычнай сітуацыі - недзе ўздоўж вясковай дарогі. Яны спыняюць час, нагадваюць аб мінулым, цягнуць нас у тое мінулае зноў. На іншым здымку -- фрагменты помнікаў, якія губляюцца ў гушчары зарасніку...

Здымак з цыкла "Антычны склад" паказвае нам юнака ў святочным строі, выява якога праступае праз выяву класічнага грэчаскага торса маладога чалавека: крохкасць юнацкай выявы сутыкаецца з ілюзорнай матэрыяй каменю. Тое, што было ўжо даўно, зноў перанесена у мінулае - яшчэ больш старадаўняе...

Важкая частка творчасці Пражмоўскага - фотааб'екты, прадметы, якія з'яўляюцца сімваламі мінучасці. Маюць яны вельмі трывалую прасторавую стуктуру. Фатаграфія адыгрывае ў іх ролю важнага крэатыўнага элемента, але дзякуючы сваёй трохвымернасці, яны набываюць уласцівасці скульптурных аб'ектаў.

Такая змена часавых планаў у работах абодвух мастакоў - працэс сталы і ўсвядомлены, мэта якога ў спецыфічным пранікненні ў мінулае - як у тое, больш даўняе, так і ў тое, што складае нашую ўласную, асабістую памяць. Гэта разнавіднасць наведвання таго, што было ўжо даўно зафіксавана і занесена чарговымі слаямі вобразаў, сімвалаў, значэнняў. Аўтары толькі аблягчаюць нам пападанне ў тыя пласты памяці, якія сціраюцца патокам штодзённых падзей. Яны адкрываюць перад намі богаты свет таго, што было, і запрашаюць да адведзінаў таго, што паступова вынішчаецца няўмольным бегам часу. Усё ў такім свеце можа быць адначасова блізка і далёка.

 

Пераклад з польскай мовы У. Парфянка

 

   
В. Пражмоўскі (1994)     В. Пражмоўскі (1994)

 

   
В. Пражмоўскі - "Tribute to M.Antonioni.Red Desert" (1995)   В. Пражмоўскі - "Tribute to F.Fellini. Eight and a Half" (1995)

 

Марыюш Хэрмановіч

нарадзіўся ў 1950 годзе. Скончыў Дзяржаўную вышэйшую школу кіно, тэатра і тэлебачання ў Лодзі. З 1982г. жыве ў Францыі.

З 1974г. бярэ ўдзел у шматлікіх выставах у Польшчы і за яе межамі. Выстаўляўся ў Canon Photo Gallery (Жэнева), Photographers Gallery (Лондан), PAAS Gallery (Нью-Йорк). Удзельнічаў у многіх калектыўных выставах, сярод якіх "Залацісты бурштын" у Гданьску (быў узнагароджаны), VIII салон пошукавай фатаграфіі SIRP у Руане (Францыя), выстава сацыялагічнай фатаграфіі ў Бельска-Бялай (як куратар адной з частак выставы), "L'annee de l'Est" у Лазане (Швейцарыя), выстава "Сучасная польская мастацкая фатаграфія" ў варшаўскай галерэі Zacheta. З 1979г. рэгулярна выстаўляецца ў варшаўскай галерэі Mala Galeria ZPAF-CSW, дзе ўжо паказаў 4 персанальных выставы і прыняў удзел у адной з групавых. Летась быў удзельнікам I біенале польскай фатаграфіі ў Познані. З'яўляецца таксама аўтарам малюнкаў, якія публікаваліся на старонках польскіх і замежных перыядычных выданняў.

Творы захоўваюцца ў шматлікіх публічных і прыватных зборах у Польшчы і за мяжой.

 

 

Войцех Пражмоўскі

нарадзіўся ў 1949 годзе. Фатаграфіяй займаецца з 1969г. У 1972-74гг. вывучаў фатаграфію ў Брно (Чэхаславакія). Жыве ў Чэнстахове.

Напачатку займаўся дакументальнай фатаграфіяй. З канца 1980-ых гадоў актыўна выстаўляецца ў Польшчы і за мяжой. На сённяшні дзень узяў удзел у больш за 100 індывідуальных і групавых выстаў. Свае персанальныя выставы прэзентаваў у Striped House Museum (Токіо), Image Gallery (Орхус, Дания), падчас фатаграфічных фестываляў FOTOFIES у Шатландыі і FOTOFEST у Хьюстане (ЗША). Выстаўляў свае работы ў большасці еўрапейскіх краін, у Японіі і ў Злучаных Штатах. Удзельнічаў у шматлікіх міжнародных выставах, сярод якіх "L'annee de l'Est" у Лазане, "Schnelle Bilder. Aktuelle Fotokunst im Gesprach" у Вене, у I фотатрыенале "Ars Baltica" (Шлезвіг, Берлін, Дрэздэн, Хельсінкі, Талін, Одэнсэ, Варшава, Познань). Аўтар некалькіх публікацый, у тым ліку "L'ange brise", выдадзенай Рэгіянальным цэнтрам фатаграфіі "Nord Pas-de-Calais" (Францыя). Ягоныя творы экспанаваліся ў межах калекцыі Цэнтра сучаснага мастацтва Zamek Ujazdowski ў Варшаве. Аўтар дзьвюх выстаў у варшаўскай галерэі Mala Galeria ZPAF-CSW, апошняя з якіх - "Bardzo martwe natury" - адбылася ў верасні 1997г. У красавіку 1998г. удзельнічаў у I біенале польскай фатаграфіі ў Познані.

Творы захоўваюцца ў самых прадстаўнічых публічных і прыватных калекцыях як у Польшчы, так і за яе межамі.

 

 



back to fotoTAPETA front page

Copyright © 1997-2012 Marek Grygiel / Copyright for www edition © 1997-2012 Zeta-Media Inc.
e-mail: fti@zeta-media.com